Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Краязнаўчы аддзел

Дата: 5 мая 2019 в 08:53, Обновлено 8 сентября в 15:23
Автор: Бедай О. А.

Пераганцы - аграгарадок у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельскага выканаўчага  камітэта. За 10 км на паўднёвы ўсход ад г.п. Воранава, 19 км ад чыгуначнай станцыі Бастуны. У вёсцы пражывае 306 жыхароў і налічваецца 125 двароў (на 01.01.2021 г.). Ёсць дзяржаўная ўстанова адукацыі "Пераганцаўская базавая школа", Цэнтр культуры і досугу, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін "Родны кут", ФАП, кантора СУП "ГМК - Агра". 

Вёска ўзнікла ў ХVI стагоддзі. Жылі ў ёй людзі, якія займаліся ганчарнай справай. Ёсць розныя меркаванні аб паходжанні назвы вёскі: 1) праз вёску праходзіў тракт, які вёў на Вільню, і праз яго пастаянна пераганялі кароў, таму назва вёскі пайшла ад слова "перагон"; 2) на месцы, дзе цяпер знаходзіцца вёска, раней былі вялікія балоты і лес. Людзі жылі за 1 км ад вёскі, на вялікай гары. У 1812 г. гэта пасяленне спалілі і людзі былі вымушаны шукаць другое месца жыхарства. Праз балоты і лясы яны рабілі "перагон", як бы асвойвалі новую вёску, якая атрымала назву "Пераганцы"; 3) назва паходзіць ад польскага слова "pierogi", што значыць пельмені.На скрыжаванні дарог ад цэнтра польскай гміны Седліска, вёскі Поліпніца да Геранён знаходзілася карчма, дзе можна была пакаштаваць гэтую страву (пельмені).

Другое пераўвасабленне атрымалі Пераганцы, набыўшы ў 2010 годзе статус аграгарадка. Прыведзена ў парадак вулічнае пакрыццё, заасфальтаваны тэрыторыі мехдвара, малочна-таварнай фермы, цалкам заменена лінія электраперадачы. Увядзенне ў эксплуатацыю новай падстанцыі АТС дазволіла на 100% забяспечыць усіх жадаючых вяскоўцаў тэлефоннай сувяззю.
Пасля рэканструкцыі набылі сучасны выгляд будынкі дзяржаўнай установы адукацыі  "Навучальна-педагагічны комплекс Пераганцаўскія яслі-сад - базавая школа", сельскага Дома культуры, ФАПа, комплекснага прыёмнага пункта і аддзялення паштовай сувязі.

На 01.01.2022 года ў аграгарадку налічваецца 117 двароў, пражывае 292 чалавекі.

З 01.09.2022 года школа перайменавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі "Пераганцаўская базавая школа". 

На 01.01.2023 года налічваецца 116 двароў, пражывае 285 жыхароў. 

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ НАШАЙ ВЁСКІ

Якой была наша вёска:

з успамінаў Сакалоўскай Яніны

У вёску я прыехала ў 1954 годзе. Яна ўяўляля сабою адну вуліцу (зараз гэта Цэнтральная вуліца), а вакол яе было поле, на якім  сеялі ўкроп, моркву. Вуліца была вузкая, але брукаваная. Брук быў пакладзены яшчэ пры Польшчы. У 1960-х гадах брук быў адноўлены: на верх пакладзены другі. Хаты былі драўляныя, невялікія, з сенцамі. Яны стаялі па адзін бок вуліцы, а па другі – гаспадарчыя пабудовы: хлеў, гумно. Амаль у кожнага гаспадара  на падворку знаходзілася студня.

    У кожнай хаце жыло па некалькі сем’яў. Трымалі людзі вялікія гаспадаркі: кароў па некалькі, авечак,  свіней, курэй, коні былі ў некаторых.  Уся праца была ўручную. Пагэтаму людзі працавалі на рабоце, а потым працягвалі на сваёй гаспадарцы, якая карміла ўсю сям’ю. 

   Моладзі было многа: дзяўчат 28 чалавек, хлопцаў – каля 30 чалавек. Танцы праводзілі  кожную нядзелю ў памяшканні бібліятэкі, якой заведавала Бародзіч Вера Іванаўна.

   У вёсцы не было свету, людзі карысталіся керасінавымі лямпамі. Свет з’явіўся толькі ў другой палове 1960-х гадоў. Была пабудавана свая электрастанцыя. У гэтых жа гадах у дамы было праведзена радыё.

   У вёсцы дзейнічаў магазін: спачатку ён размяшчаўся ў драўляным будынку на адзінай вуліцы пасярэдзіне, а ў пачатку 1960 года пабудавала РайПО новы цагляны магазін на два канцы . У адным прадавалі прамысловыя тавары, у другім – прадукты харчавання. Загадчыцай стала працаваць я, Сакалоўская Я.  Будынак магазіна і зараз дзейнічае на тым месцы, дзе і раней, загадчыцай працуе Сяховіч Зоя Паўлаўна.

 Працаваў у вёсцы і сельскі Савет, ён размяшчаўся на тым месцы,дзе зараз знаходзіцца будынак дзіцячага садка. Старшынёй сельсавета быў Гімбіцкі Якаў Давыдавіч. Будынак быў вялікі, драўляны. Там яшчэ знаходзілася пошта і бібліятэка. Загадчыцай бібліятэкі працавала Савасцюк Вера Аляксандраўна. У пачатку 1970 года пабудавалі цагляны будынак сельсавета побач з магазінам,  старшынёй быў Чыркоў Мікалай Нікіфаравіч . У адным памяшканні размясцілася і сельская бібліятэка. На працягу другіх  год старшынямі працавалі:  з 1973  па 1987 гады – Аляксандра Барысаўна, з 1987 – Цехановіч Пётр Ігнацьевіч, потым Генадзій Станіслававіч Русіновіч,  Дэкан Людміла Станіславаўна, з 2022 - Багдзюн Казімір Часлававіч.

  Кантора калгаса «Рассвет» размяшчалася ў хаце гаспадара Ляўдаровіча, старшынёй калгаса працаваў Гардзееў Дмітрый Ільіч. У калгаса быў свой пункт прыёма малака, які размяшчаўся ў хаце Груздзёвых. Потым пабудавалі асобны будынак, шлакабетонны, які размяшчаўся за будынкам сельскага Савета. Каб ахалоджвалася малако, прывозілі з возера Валіцкага глыбы лёду. А летам глыбы лёду ўкутывалі сенам, каб не растайвалі. Прыёмшчыцай малака працавала Сакалоўская Яніна. Малако спачатку вазілі на здачу ў раён на падводах, а потым стала малако забіраць спецыяльная машына .

 Клуб драўляны ў вёсцы на Цэнтральнай вуліцы з’явіўся ў 1963 годзе, толькі  ў  1970-х гадах  была дабудавана цагляная прыбудоўка. У такім выглядзе клуб знаходзіцца і зараз.

1-2 разы на тыдзень прывозілі ў клуб кіно-“перадзвіжку”. Выдзяляўся старшынёй калгаса чалавек з падводай, які і прывозіў з раёна кіно. Паказвалі яго вечарам, калі ўсе работы былі пароблены. З задавальненнем наведвалі кіно і дарослыя, і дзеці. Кожны год летам адзначалася свята вёскі, адзначалася яно шырока: цэлы дзень працаваў выяздны гандаль, ладзіўся канцэрт клубнымі работнікамі, праводзіліся розныя конкурсы. Праходзіла гэтае свята за вёскай на пляцоўцы каля лесу. Усе вяскоўцы  збіралася на гэтае мерапрыемства.

  ФАП таксама быў у вёсцы. Ён размяшчаўся ў прыватнай хаце гаспадара Макрыцкага, які жыў у пачатку вёскі. Загадчыцай яго працавала Рослан Лілія.

  

1959 г. - настаўніца малодшых класаў                    1965 г. - аграном Сакалоўскі Ф.Р. (злева),

Буліна Надзея                                                           старшыня сельсавета Гардзееў Д.І, ст. калгаса Гімбіцкі Я.Д.

  

Свята вёскі - выстава кулінарных вырабаў              Будынак магазіна пач. 60-х гг. Сакалоўская Я.А.(злева) і                                                                                               інш.

 

заг. ФАПам Рослан Лілія, 1960 г.                         Рыжкевіч М.Ф., настаўнік, сакратар партарганізацыі, к.60-х -                                                                                    пач. 70-х (злева)

  

Збор малака ў калгасе                                                   Прыём малака ў хаце Груздзёвых

Савасцюк В.А. (загадчык бібліятэкай), Барадзіч В.І. (загадчык клубам), Хадыш Н.А., Кутамоўская Я.

З успамінаў Цехановіча Пятра Ігнацьевіча

У 1972 годзе вёска налічвала дзве вуліцы, дабавілася, як зараз называюць, Цяплічная. Вуліца была пясчаная, гразкая, асабліва восенню і вясной. Тут жылі сем’і Раўлушэвіча Вікенція, Радзевіча, Бобіна Вацлава, Нарымоўскага Тадэвуша, Карнілава.

У 1973-1974 гадах Петр Ігнацьевіч (тады дырэктар саўгаса”Пераганцы”) стаў будаваць цяпліцы  ў канцы гэтай вуліцы (таму і назву такую яна атрымала). На працягу трох год на адным гектары былі пастаўлены і дзейнічалі плёначныя цяпліцы. Там вырошчвалі памідоры,агуркі, цыбулю, салат, укроп. 

У канцы 1974 года  быў пабудаваны дзіцячы садзік на месцы былога будынка сельсавета: цагляная прыбудова на два аддзяленні – дасадзікаўская і садзікаўская. Дзяцей, якія наведвалі садзік, было 30. Загадчыцай стала працаваць Гурневіч Надзея Пятроўна, выхавацелямі  --  Шлемпа Валянціна Станіславаўна, Буклярэвіч Алена Тадэвушаўна.

У гэтым жа годзе адкрылася  майстэрня ў пачатку вёскі, дзе рамантавалі і рыхтавалі да выхаду ў поле ўсю тэхніку саўгаса.

У 1975 гадзе пачала працаваць саўгасаўская сталовая, якая размясцілася побая з будынкам сельскага Савета па вуліцы Веснавой.  Брынза Феліцыя працавала загадчыцай, работнікамі – Дапіра Галіна Яўгеньеўна, Войшніс Тарэса Браніславаўна.

1976 год для вёскі быў асаблівым: быў праведзены газ дзякуючы намаганням старшыні саўгаса Цехановіча П.І.  Уся газафікацыя праходзіла за кошт гаспадаркі, людзі плацілі толькі за газавыя пліты, калонкі і катлы. Не правялі  дадому газ сем’і Фурман, Пясецкая, Квач.

У 1979 годзе з’явіўся кароўнік (цяпер будынак пустуе) і кацельная недалёка ад майстэрні.

У 1980-81 гадах  правялі ацяпленне  ад кацельнай да першага двухпавярховага васьмікватэрнага дома ў вёсцы (размясціўся па вуліцы Веснавой), магазіна, сельсавета, сталовай, школы. У гэтым доме далі кватэры сем’ям Руцкага Часлава Міхайлавіча (працаваў галоўным аграномам), Флейта Вячаслава Рыгоравіча (працаваў галоўным інжынерам), Шлемпа Эдуарда Іосіфавіча, Ардзевіча Івана Іванавіча, Войшніса Мечыслава , Грынько Аляксандры Барысаўне. У 1981 годзе  сталі працаваць ачысныя сістэмы. У гэтым жа годзе быў пабудаваны дом  на вуліцы Цяплічнай, там сталі жыць сем’і Маслоўскага Іосіфа Антонавіча (працаваў парторгам саўгаса) і прараба Смірнова Аляксандра.

У 1982 годзе ўступіла ў эксплуатацыю другая майстэрня-арачнік. Вялікі будынак размясціўся побая з першай майстэрняй.

У 1983 годзе правялі вадаправод па вуліцах Цэнтральнай і Веснавой. У дамах і кватэрах з’явілася вада. На наступны год  быў здадзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін дом па вуліцы Цяплічнай, там размясціліся сем’і трактарыстаў  Сцефановіча Альфрэда і Юралайця Івана.

У 1986 годзе з’явіўся  двухпавярховы будынак канторы, які размясціўся ў канцы вуліцы Веснавой. Стары будынак канторы з цягам часу быў разабраны, і ад яго не засталося і месца.

Пётр Ігнацьевіч на працягу сваёй працы на пасадзе дырэктара саўгаса"Пераганцы" пабудаваў і адрамантаваў пясчаныя дарогі да суседніх вёсак Седліска, Поліпніца, Шашкі.

У 1987 годзе ў сувязі з дасягненнем пенсіённага ўзросту  Цехановіча П.І. на пасаду дырэктара саўгаса быў назначаны Цыронак Станіслаў Антонавіч.

 Прадоўжылася аднаўленне вёскі. У 1989 годзе быў пабудаваны ФАП, які размясціўся за будынкам канторы. У новы будынак пункт пераехаў з двухпавярховага дома, які размяшчаўся амаль насупраць магазіна. Заведаваць ФАПам працягвала Малмыга Галіна Аляксандраўна.

                           ПРЫКАЗКІ І ПРЫМАЎКІ АГРАГАРАДКА ПЕРАГАНЦЫ

Дыялекты жыхароў Пераганцаўскага сельскага Савета

Абамбе'рыць – коратка падстрыгчы

Абія'кі, кандалы', клу'мпі – драўляны абутак

Абшму'ляць – нацерці скуру да крыві

Алто'бус – аўтобус

Алялё'д, аляле'дзіца – галаледзіца

Андуля'цыя – хімічная завіўка

Апала'начка – малая драўляная начовачка, якая выкарыстоўвалася ў  якасці посуду

Апо'на – пакрышка кола ў веласіпеда

Аршчэ'чнік – прыстасаванне для вынімання гаршкоў, чыгуноў з печы

Астаро'нак – адгароджаная частка ў гумне

Бацьві'ня – суп з чырвоных бурачкоў

Більзі'на – бензін

Блішчу'к – маланка

Бло'тнік – дугападобнае прыстасаванне над коламі веласіпеда для аховы ног ад балота 

Бру'нтва, стальва'га, го'рчык  –  палка з жалезным крукам пасярэдзіне, за якую зачэпліваюць пастронкі

Брызянто'вікі – абутак з тканіны

Бульбя'нка – рэдкаватая страва з варанай тоўчанай бульбы, запраўленая падсмажанымі скваркамі і цыбуляй, падаецца да бліноў

Верашча'ка – яечня з разбоўтаных яек, у якую дабаўлена мука і малако, на падсмажананым сале і мясе

Відэ'ляц – вілка

Во'рак - мяшок

Вянге'ркі – скураныя кароценькія жаночыя боцікі з апушкай

Га'гавіца – горла

Га'лька – ніжняя жаночая кашуля

Гандэ'лак - невялікае памяшканне для розных рэчаў

Га'сіць, пя'рыць – біць

Га'ці, по'рткі, ма'йткі – штаны

Го'стры - востры

Гра'фка - шпілька

Гру'ца – пярловая каша, звараная на Каляды

Гры'ўка – чубок

Гумо'вікі – гумовыя боты

Гучы'цца – вучыцца

Дра'пцы – матыка з зубамі для копкі бульбы

Дубэ'льты – падвоеныя вокны

Ды'лда – вялікі няскладны чалавек

Жаля'зка – прас

Журо'к – курыны суп, падкалочаны  мукой, падаецца да бліноў

Закапя'нкі – валенкі, упрыгожаныя скуранымі ўстаўкамі (нядзельны абутак)

Зашчы'кі – уколы

Збу'яц – непаслухмянае непаседлівае дзіця

Зрэ'бна – вялікая суконная хустка для ўкрывання галавы і плячэй ад холаду

Зрэ'нкі, го'чы – вочы

Імбры'чак – чайнічак для заваркі

Кае'т, зэ'шыт – сшытак

Кама'шы, гама'шы  – шнураваныя скураныя чаравікі

Канапля'нка – цёплая штодзённая хустка

Капачы' – на невялікім чаране роўнае лязо для копкі бульбы

Карава'тка, ната'йза  – мужчынскі гальштук

Ка'тар – насмарк

Кача'лкі – драўляныя прыстасаванні для разгладжвання  тканых вырабаў

Кі'шка, вя'дзер, наліва'нка – страва з тоўстай свіной кішкі, якая начынена натаркаванай  бульбай, запраўленая падсмажанай скваркай з цыбуляй і запечаная ў печы

Клё'цкі, цыпілі'ны – страва з натаркаванай бульбы, начыненая мясам

Кны'ціць – хацець, цікавіцца

Ко'гут - пятух

Ко'льчыкі – завушніцы

Ко'хлік – працяглы кашаль

Кру'пнік – суп з крупаў

Крэ'йда – мел для пісьма

Крэ'йка – канёк даха (дзе сходзяцца скаты)

Ксё'нчка  - кніжка

Ку'бальчык – бочка для засолу мяса

Ку'даса –  моцная завіруха з ветрам

Кундзю'к – мясны выраб са страўніка свінні, набіты кусочкамі мяса, скваркі

Куфа'йка – фуфайка

Кя'ўкнуць – памерці, здохнуць

Лабя'к – элемент формы даху ў выглядзе чатырохвугольніка

Лама'к – гультай

Лупа'ты – чалавек з тоўстымі губамі

Лыжэ'чнік – навясная паліца для захоўвання лыжак, посуду

Любі'вае – нятлустае мяса

Ляво'ніхі – жаночыя кароткія гумовыя боцікі на каблучку

Ляпу'ткі – грыбы лісічкі

Манына'рка – мужчынскі пінжак

Марму'за – негаваркі чалавек, маўчун

Матацыкле'т, мацыкле'т – матацыкл

Мушта'рда – гарчыца

Мэ'кшты – лёгкі абутак, тапачкі

Мядні'ца – вялікая міска для харчовых і гаспадарчых рэчаў

На гары' – месца паміж столлю і страхой у хаце, хляве

На колё'ні – на хутары

Нажычо'ны, жані'к – жаніх

Но'жны – нажніцы для падстрыгання авечак

Няўстру'й – непаслухмянае дзіця

Паджыво'тнік – вялікі кош для сечкі жывёле, які неслі, прыціскаючы да жывата

Паднябе'ня – верхняя частка ў печы

Падшэ'фка – падкладка ў вопратцы

Пажагна'ць – перакрысціць

Па'льта – паліто

Панто'флі – жаночыя туфлі

Пастая'лка – салодкая смятана

Патра'фіць – зрабіць як трэба

Пігу'лкі – таблеткі

По'цёнг  – цягнік

Прадзе'льнік – наняты пастух, якога  кормяць гаспадары жывёлы

Пупё'л – карапуз, маленькае дзіця

Пяка'рка – прыстасаванне для вынімання патэльні з печы (чапяла)

Ро'вар, лісапе'т – веласіпед

Ру'жа – нарыў каля косці

Ру'піць – трывожыць

Руча'йка – ручное верацяно

Рэ'згіні – прыстасаванне для пераносу сена (дзве палкі, пераплеценыя   шнурамі)

Сальсасо'н – мясны выраб. зроблены з вымачанага мачавога пузыра, які напакаваны кускамі любівага мяса, націснуты пад прэсам, а затым  высушаны

Сантані'на – таблетка ад глістоў

Са'чак – кароткае жаночае паліто з плюшу

Скле'п, магазы'н – магазін

Склю'т –  худы высокі чалавек

Скрыпу'ха – трава для лячэння мочавыдзяляльнай сістэмы

Сняго'вцы – жаночыя кароткія гумовыя боцікі

Спо'днія - мужчынская ніжняя бялізна 

Станаўні'к – талакнянка

Стэ'р – руль веласіпеда

Сяку'ць (польку-трапятуху) – часта перабіраюць нагамі

Тарпаты'на – скіпідар

То'шчы (пра прадмет) - пусты

Трыбушке'ль – чалавек з вялікім жыватом

Тэ'нч – вясёлка

Тэ'чка, пляца'к – школьная сумка

Фа'йна - добра

Фартушо'к – белая з карункамі папера, якой засцілалася паліца каля абразоў у покуці

Цага'н, сага'н -  чыгунок

Це'рліца, мя'ліца – ручное прыстасаванне для вырабу лёну

Цыганы' – смажаныя квашаныя буракі

Цынту'рыя - трава для лячэння жаночых хвароб

Цытво'р – трава для лячэння глістоў ( зярняткі  падобны да зярнятак  ільну, якія патрэбна было жаваць)

Чо'хры – прыстасаванне для часання воўны

Чэ'мер – гарэлка

Чэ'рап – прыстасаванне для выпякання пірагоў

Шмараві'дла – жаночая касметыка

Шпіта'ль – бальніца

Яндо'ўка - вялікі нос

 Гісторыя калгаса

Успаміны былых калгаснікаў

З гісторыі школы

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.