Метадычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы музейных урокаў
Абрад “Гуканне вясны”
(Выканаўцы ідуць парамі па крузе, спяваюць песню“Вол бушуе”)
Вол бушуе –
Вясну чуе. Гу-у!
Баран бляе –
У поле хоча.
Курка сакоча –
Несціся хоча. Гу-у!
Дзеўка плача –
Замуж хоча.
Стары крэхча –
Пажыць хоча. Гу-у!
( Пасля заканчэння песні ўдзельнікі становяцца паўкругам і гавораць)
1)Блаславі, Божа,
А й вясну- красну загукаць,
Загукаці жа.
2)Лютую ж зіму замыкаць,
Замыкаці жа. Гу-у!
3)Да вясну-красну на вулачку,
На вулачку ж.
4)Лютую зіму ў каморачку,
У каморачку. Гу-у!
(Удзельнікі разыходзяцца на два бакі і, стоячы адзін насупраць другога, па чарзе гукаюць)
1)Прыйдзі, прыйдзі, Вясна! Гу-у!
2) Прыйдзі, прыйдзі, красна! Гу-у!
Усе: Прыйдзі на светлыя дзянёчкі, на цёплыя травы, на белыя росы! Гу-у!
(Удзельнікі гавораць)
1)Станавіцеся ў карагод!
Будзем песні спяваць,
Будзем сонца вітаць,
Вясну-красну гукаць!
2)Але ж перш, чым з вясной – красной сустракацца, трэба з Зімой развітацца. Зробім круг вялікі, хай скачуць чаравікі!
(Дзяўчынкі водзяць карагод і спяваюць песню-вяснянку).
Благаславі, Божа,
Зіму замыкаці.
Благаславі, Божа,
Вясну- красну пеці. Гу-у!
На ціхае лета,
На буйнае жыта.
Каб наша жыта
У трубы павілося,
Набок схілілося. Гу-у!
На полі снапамі,
А ў гумне тарпамі,
На таку ўмалотна.
У рудзе прысыпна,
А ў млыне прыполна. Гу-у!
А ў дзяжы падходна,
А ў пячы пячыста,
На стале краіста.
Усім добрым людзям —
Добрага здароўя! Гу-у!
(Удзельнік гаворыць)
Ой, вясна-красна, вясна - маці, хадзі з намі гуляці…
(Гульня “Ручаёк”(гучыць вясёлая народная мелодыя)
(Пасля гульні адзін удзельнік застаецца і гаворыць, а астатнія накіроўваюцца да дрэва і бяруць у рукі птушак з паперы)
Прыйдзі, прыйдзі, Вясна,
Абудзі са сна,
Падыграй таночак,
Прынясі нам красак...
Пірагоў, каўбасак...
(спяваюць, водзячы карагод вакол дрэва)
- А ты, вясна, а ты красна,
Што ж ты нам прынясла?
- А прынесла, прынясла
Цёплае лета, ціхае лета,
Цёплае лета, ціхае лета,
І цёплую вадзіцу,
І цёплую вадзіцу,
З зямліцы травіцу,
Старым бабкам па кійку,
А пастушкам па яйку. Гу-у!
(Дзяўчаты ўпрыгожваць дрэва (вешаюць птушачак на галінкі, прыгаворваючы)
1.Дай, божа, на жытачка род,
На статачак плод.
2.Дай ,божа, доўга жыці, вясёлымі быці!
3.Хай дзеткі будуць, як у полі кветкі!
4.Хай ніва будзе ўрадліва!
5. Каб увесь год, як птушкі ляталі, вясну-красну сустракалі-праважалі!
( спяваюць, водзячы карагод вакол дрэва )
Ой, вясна-маці, хадзі к нам гуляці, 2 р
Карагод скакаці, 2р
Песенькі спяваці, 2р.
Шчасця ўсім жадаці. Гу-у!
(Удзельніца гаворыць)
Свята песенькай сустракаем,
Вясну весела мы гукаем,
Жавароначкі, прыляціце,
Цяпла, лецейка прынясіце!
( удзельніца бярэ тканую посцілку, усе ўдзельнікі расцягваюць яе, а другая - туды высыпае выпечаных птушак. Затым разам ходзяць карагодам, падкідваюць птушак на посцілцы ўверх і спяваюць “Жавароначкі, прыляціце”).
Жавароначкі, прыляціце,
Вясну-красну прынясіце,
Каб сонейка засвяціла,
Каб снег белы растапіла,
Каб садочкі расквяціла. Гу-у!
Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матухну разбудзіце
І дожджыкам напаіце,
Каб травачкі нарасціла,
Каб волікаў накарміла. Гу-у!
Жавароначкі, прыляціце,
Цяпло й сонейка прынясіце.
А зімачку забярыце,
Бо зімачка надаела,
Наш хлебушак пераела. Гу-у!
(Удзельніца гаворыць)
А давайце пагуляем у “Арэлі”.
(Гульня “Арэлі”. Дзеці стаяць паўкругам і махаюць рукамі ўперад –назад, прыгаворваючы).
Гой-да, гой-да, на арэлі селі,
Гой-да, гой-да, песенькі запелі.
Вось так, вось так, хутка раскачаліся!
(Тупацяць нагамі)
Вось так, вось так, хутка раскачаліся!
(Паўтараюць словы некалькі разоў, паскараючыся з кожным разам. Пасля гульні ўдзельніцы накіроўваюцца да сімвалічнага кола-сонца (круцяць кола за стужкі, ходзяць вакол яго і гавораць)
1.Блаславі, Божа, сонца павяртаці
На цёплае лета. На буйнае жыта.
2.Каб дожджык яго паліваў,
А вецер абдуваў.
3.Блаславі,Божа, сонца павяртаць
Ды на цёплыя росы, на ветры буйныя,
4.На грозы струйныя,
На хлябы-ўраджаі.
Усе: А людзям на здароўе!
(Уверх ускідваюць стужкі. Затым працягваюць вадзіць карагод і спяваюць песню «Дзякуй Богу, што вясна прыйшла»)
Дзякуй Богу, што вясна прыйшла, 2р
Я, малада,-каля жыта пайшла.2р
Расці, жыта караністае,
Караністае, лапушыстае,
Каб у трубы накачалася,
Каб я, малада, нажалася,
Ды снапочкаў навязалася. 2р
(адыходзяць ад дрэва ўперад, становяцца паўкругам і гавораць)
1.Вясна наша вясёлая
Развесяліла зямлю, ваду,
2.Зямлю, ваду, мяне маладу. Гу-у!
Ой, вясна вясёлая –
Нарасла трава зялёная.
3.Сагрэй ты нас. Цяплом абвей.
Ідзі вясна, ідзі хутчэй! Гу-у!
4.Дай нам жыта ды пшаніцы,
У агародзе сенажаць,
Роўны грады,
Поўны грады,
Восенню шмат коп нажаць! Гу-у!
5.Вясна наша вясёлая -
Развесяліла зямлю, ваду,
Зямлю, ваду, мяне маладу.
6.Ой, вясна вясёлая -
Нарасла трава зялёная - Гу-у!
Усе: Зіме канец! Вясне пачатак!
Завочная экскурсія ў фальклорна-этнаграфічны цэнтр “Каляды!”
Гучыць песня “Каляда” ў выкананні ансамбля “Песняроў”.
Настаўнік - гід. Як вы думаеце, дарагія госці, аб чым мы сёння з вамі будзем гаварыць?
Я запрашаю вас на экскурсію ў наш фальклорна-этнаграфічны цэнтр ”Каляды”. Вы не толькі пашырыце веды аб народным свяце Каляды, але і станеце галоўнымі ўдзельнікамі некаторых мерапрыемстваў.
Я запрашаю вас спачатку ў навуковую лабараторыю. Каб падарожнічаць па цэнтры, вы павінны перш атрымаць цікавую інфармацыю пра свята Каляды.
Паказ відэасюжэта “Коляда – древний славянский праздник”(прошлое Руси).
Выступленне загадчыка лабараторыі(свята Каляды на Беларусі).
Каляды-гэта народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. У гадавым крузе народных абрадаў і святкаванняў мінулага яны храналагічна займалі першае месца.Назва іх паходзіць ад лацінскага слова ''календы''. Так старажытныя рымляне называлі першы дзень кожнага месяца.Усе календы святкаваліся, але асабліва ўрачыста адзначалі навагоднія. Назва каляды,засвоеная славянскімі і неславянскімі народамі Еўропы мае свае варыянты: у рускіх і ўкраінцаў - коляды, у балгар-коледуванне,у сербаў і харватаў-коледа і г.д.
Ва ўсходнеславянскіх народаў Каляды адзначаліся з 24 снежня па 6 студзеня ўключна. На працягу гэтых двух тыдняў працаваць лічылася грэхам і людзі ў дзень выконвалі толькі тую работу,без якой нельга было абысціся.Ва ўсе вечары нічога не рабілася,а таму называлі іх святымі. Да свята кожная сям'я старалася забяспечыць сябе патрэбнымі прадуктамі харчавання, забівалі свінню, для жывёлы нарыхтоўвалі неабходную колькасць кармоў.
Першы дзень святочных мерапрыемстваў - 24 снежня - Куцця (па праваслаўным календары – 6 студзеня), калі продкі сустракалі Каляду – Боскую Маці Сонца. Самая галоўная страва на святочнай вячэры – куцця – каша з ячных круп. Яе гатуюць з раніцы. Як толькі зойдзе сонца, уся сям'я апранаецца па-святочнаму, стол засцілаецца сенам ( як напамін пра тое, што Ісус нарадзіўся ў хлеве) і накрываецца белым абрусам. Пасля малітвы ўсе члены сям’і садзяцца за стол, на якім стаяць посныя стравы: селядцы з алеем, боршч з грыбамі, рыба, пампушкі, бліны, кісель , куцця, квас з грыбамі, аўсяны кісель, адвар з высушаных яблыкаў. Вячэраць сядалі пры ўзыходзе першай зоркі, пры гэтым запальвалі на стале свечку.
На наступны дзень святкавалі непасрэдна Каляды ў цесным сямейным асяроддзі. З гэтага дня пачыналі хадзіць калядуючыя – невялікія групкі маладых людзей, якія спявалі калядныя песні, праслаўлялі святы вечар і гаспадароў, а тыя стараліся пачаставаць гасцей чым-небудзь смачным. Калядуючых суправаджала "каза" і мядзведзь – галоўныя дзеючыя асобы свята. Не абыходзілася свята без музыкаў, папулярнасцю карысталіся танцы.
Шчодры вечар – другі этап свята. Сталы ламіліся ў першую чаргу ад мяса рознага выгляду – вяленага, смажанага, варанага, вэнджанага. Таму і вечар называлі шчодры, мясны ці багаты. Сама куцця запраўлялася маслам ці мёдам. Акрамя гульняў, песень, танцаў, асаблівасцю гэтага дзіўнага зімовага свята была варажба. Канешне, самая цікавая хвіліна для незамужнiх дзяўчат.
Трэцяя куцця, апошняя, святкавалася 5 (па праваслаўным календары 18) студзеня, называлася поснай. У гэты дзень звалі вячэраць... мароз. Гаспадар выходзіў на двор і гукаў: "Мароз, мароз, хадзі куццю есці!". Усе сядалі за стол, і кожны спрабаваў унаравіць мароз, каб зіма была нехалоднай, вясна – цёплай, а ўраджай – багатым. Калі назаўтра надвор'е станавілася больш мяккім, лічылася, што госцю спадабаліся пачастункі. З ранiцы гаспадыня пякла бліны, а гаспадар з першым блiнам выходзіў на вуліцу: частаваць мароз. Каляды – своеасаблівы абрад развітвання. Над ганкам, над варотамі, над уваходам у хлеў ды над іншымі гаспадарчымі памяшканнямі маляваў крэйдай крыжыкі. Аднак апошнім калядным днём на Беларусі лічылася 21 студзеня. Тады святкавалі развiтанне з Калядамi.
Гучыць песня “Святы вечар” у выкананні гурта “Бяседа”.
Настаўнік – гід (чытае аповед пра вішню). Калісьці нашы продкі вельмі любілі вішні. У іх нават быў бог вішань Керніс. I было ў іх так заведзена, што вішні вырошчвалі ў кадушках, а пад Новы год прымушалі іх зацвісці. Зрабіць гэта не так і складана. Да самага снежня вішанька стаіць у холадзе. А потым яе, перанесеную ў пакой і пастаўленую да святла, палівалі цёплай вадой і падкормлівалі. Дрэўца і ішло ў рост, зацвітала. За акном сумёты да стрэх, завіруха гудзе, а на покуці вішня ў квецені, аздобленая стужкамі ды свечкамі. Прыгожа і святочна. I так сустракалі кожны Новы год. А потым хтосьці палічыў, што вельмі карпатліва сустракаць Новы год з вырашчанай вішняй. Прасцей пайсці ў лес і ссекчы елку. Так цяпер усе і робяць. Проста і лёгка (Паводле В. Хомчанкі).
- Такая традыцыя была ў нашых продкаў. А ці ведаеце вы , якія калядныя традыцыі былі ў іншых краінах. Каб даведацца аб гэтым я запрашаю вас у гістарычную лабараторыю.
Заг. лабараторыі. Вы таксама атрымаеце пэўную інфармацыю, але расказваць яе будзеце вы. Як? Правядзём конкурс “Самы эрудыраваны”. 1. У Германіі, як вы думаеце, прынята дарыць зорку? Сто гадоў назад гэтую расліну прывезлі з Мексікі, у нас яна называецца малачай. Пры добрым доглядзе ў Раство на зялёным кусціку расцвітае прыгожая ярка-чырвоная або ружовая кветка, якая нагадвае зорку. Дарыць кветку ў гаршчочку — знак таго, што ўсміхаецца шчасце. Парсючкі і камінары ў выглядзе пернікаў таксама прыносяць шчасце. 2. Па традыцыі ў Чэхіі пад стол з абедам на Раство абавязкова трэба пакласці галоўку (чаго?)
…часнаку — гэта абароніць сям'ю ад усяго дрэннага? 3. У Харватыі захавалася ўнікальная традыцыя запякаць пшанічнае зерне ўнутры маленькай рыбкі? А на Раство на святочны стол ставяць свечкі, упрыгожаныя гірляндамі з яловага голля. Яшчэ адна асаблівасць — выпяканне маленькіх сардэчак з цеста чырвонага колеру. Іх упрыгожваюць цукрам, а потым (што робяць потым з імі?)…вешаюць на ёлку. 4. У Балгарыі на Раство можна было пачуць шмат гімнаў. У краіне ёсць свая традыцыя — ляпіць з мякішу сцэны (чаго? з фігуркамі каго?) Раства Хрыстова. 5. У якой краіне ў гэты дзень высаджвалі маладыя дрэўцы, а на вуліцы выходзілі маладыя прыгожыя дзяўчаты ў каптурках, сшытых уласнымі рукамі? Сёння гэтыя дні адзначаюцца як свята маладых майстрых. Гэта парад упрыгожванняў. (Францыя.) 6. У Швецыі падрыхтоўку да гэтага свята пачынаюць за 2—3 тыдні: вараць піва, пякуць хлеб, печыва ў выглядзе свінні, казла, зоркі? Праходзяць танцавальныя вечары. У музеях-запаведніках наладжваюць (што?)…кірмашы, гулянні.
Настаўнік – гід. Зараз мы таксама наладзім гулянне. На свята Каляды на другі дзень моладзь ішла калядаваць . Пагэтаму прашу завітаць вас у творчую лабараторыю, паглядзець і паўдзельнічаць у калядаванні.
(тэатралізаванае прадстаўленне членаў гуртка “Спадчына”).
Заг. лабараторыі. Спадабалася? Што найбольш запомнілася вам у калядаванні?
Настаўнік – гід. І напрыканцы нашай экскурсіі мне хочацца, каб вы завіталі яшчэ ў лабараторыю кемлівасці. Згодны? Не пашкадуеце!
Заг. лабараторыі. Дарагія госці, я рады вітаць вас у сваёй лабараторыі. Тут мы з вамі пагуляем. Падзяліцеся на дзве каманды “Кемлівыя” і “Разумныя”.
Першае заданне. Калядныя прыкметы: злучы пачатак і канец прыкметы. Хто хутчэй.
У народным календары існуе шмат прыкмет, звязаных з Калядамі.
1Калi на Каляду цёпла – вясна будзе халодная.
2На Каляду iней – да ўраджаю на хлеб, снег – на ўраджай арэхаў.
3Снег глыбокi – год добры.
4Мяцелiца – будзе шмат мёду, зорная ноч – ураджай гароху будзе.
5Калi ў гэты дзень снежны буран – у час жнiва можа быць макрата i гразь.
6Калi ж iдзе дождж цi мокры снег – сенакос дажджлiвы будзе.
7Капеж са стрэх на Каляду – восень гнiлая будзе, бульба можа вымакнуць.
8Якое надвор`е пасля Каляды, такое ж будзе i пасля Пятрова дня (12 лiпеня).
9 Як на Каляды неба яснае, то ўраджай будзе на ўсё.
10Чым даўжэйшае сена, тым лепшы ўраджай будзе.
11 Калі снег ідзе на Каляды – будуць раіцца пчолы.
12 Многа зорак на небе – летам будзе шмат грыбоў.
Экскурсія
«Завітайце ў беларускую хатку»
Прывітанне.
Беларусы ідуць, хлеб свой жытні нясуць
На рушнік палажыўшы ўрачыста.
Хлеб, бы сонца ў руках, небам, полем прапах,
А рушнік, як іх сэрцы, прачысты!
Хлеб і соль праз вякі, усклаўшы на рушнікі,
Добрым людзям насустрач выносім.
Унукі сейбітаў мы, хлебаробаў сыны,
З працы мы, з чалавечых адносін.
Хлеб і соль, хлеб і соль праз цярпенні і боль
Нёс народ наш рукамі ад плуга,
Хто нам мову кране, нашу душу прыгне
Мы адплоцім "паводле заслугаў"!
Плуг у музеі спачыў, сёння ішы пачын
Беларуса на свеце праславіў.
Умеем жыць і тварыць, умеем край бараніць,
Усіх вітаючы хлебам ласкава.
Л. Геніюш
(гучыць мелодыя песні пра Беларусь)
Дзе мой край? там, дзе вечную песню пяе Белавежа,
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,
Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...
Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца,
Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Уладзімір Караткевіч
-----------
А цяпер давайце завітаем у вясковую хатку.
Спачатку трапляем у сенцы - памяшканне перад жылым пакоем, якое служыць для гаспадарчых мэт. Адны дверцы ў сенях вядуць у камору, дзе месцяцца рэчы для гаспадаркі: дзежы, цэбры, начоўкі, збаны, міскі, а таксама ступа, у якой таўклі крупы. На паліцах знаходзяцца розныя прыпасы. Другія дзверы вядуць у так званую халодную хату. Сюды выносіліся хатні ткацкі станок, калаўрот, тут стаяў куфар з адзеннем і іншым дабром.
У кожнай мясцовасці хату будавалі па-рознаму, але найчасцей яна выглядала так: з трысцена ці "халоднай хаты", - уваход у хату, каля ўвахода мыцельнік, месца для мыцця посуду і кухоннага рыштунку. У пакоі - печ, за печчу - палкі (нары). Далей уздоўж сцен ішлі шырокія лавы. У чырвоным кутку стаяў стол. З упрыгожванняў у хаце былі абразы на покуці, тканыя посцілкі і, вядома ж, ручнікі. Многае з гэтага вы можаце ўбачыць у нашым музейным пакое.
Мы бачым рэчы, якія мясціліся ў каморы. Цэбры - у іх салілі мяса нашы продкі, квасілі чырвоныя буракі, захоўвалі муку, крупы, прыпасы для жывёлы.
У гэты вялікі кошык складвалі каўбасы, кумпякі. Выносілі гэтыя кашы на гару, падвешвалі іх, а на святы прысмакі прыносілі на стол.
Тут стаяла начоўка або купель, у якой мылі адзенне, самі мыліся, мылі дзяцей. У нас ёсць маленькая ступка, якая нагадвае вялікую ступу, у якой таўклі крупы.
У пакоі абавязкова была печ. Вядома ж, печ - гэта цеплыня, а таксама здароўе. У наш час печ выцясняецца газавымі плітамі, але пакуль што яна ёсць у многіх вясковых хатах.
Каля печы, у вугалку, стаялі прылады працы гаспадыні: качарга, вілкі, чапяла. З дапамогай качаргі выцягвалі з печы чыгуны, чыгункі, выграбалі жар. Вілкамі часцей устаўлялі чыгуны і чыгункі ў печ, а таксама даставалі іх адтуль, калі ток печы быў не зусім роўны. Чапялу гаспадыня выкарыстоўвала, калі гатавала ежу ў патэльні.
Дзе печ, там і тое, што з печы, - гарачая і смачная ежа. І ў першую чаргу - хлеб. Вось гэта драўляная лапата, на якой выпякалі хлеб. Яе засцілалі кляновымі ці капуснымі лістамі і клалі туды круглыя боханы з цеста. Печ напальвалі да патрэбнай тэмпературы, вымяталі вуголле і ставілі туды цеста на выпечку. За выпечкай абавязковы сачылі: апырсквалі боханы вадоў, каб яны не падгарэлі. Калі хлеб спячэцца, яго даставалі, клалі на ручнік і накрывалі, каб астываў. І хату напаўняў найлепшы ў свеце пах...
З посуду мы бачым драўляныя лыжкі розных памераў: самая большая была апалонікам, меньшая выкарыстоўвалася для мыцця масла, якое прыліпала да драўлянай лыжкі.
Збаны, глякі, у якіх нашы продкі захоўвалі малако, квас. У такім посудзе гэтыя прадукты не трацілі сваіх якасцей пэўны час.
Перад вамі таксама і рэчы паўсядзеннага ўжытку: лямпа, якая прыйшла на змену лучыне. Спачатку яе запраўлялі газай, потым керасінам. Лямпа дапагала, асабліва доўгімі зімовымі вечарамі, нашым продкам вечаркаваць (займацца пэўнымі рамёствамі); фанар запальвалі, калі патрэбна было схадзіць у хлеў, каб паглядзець жывёлу, увечары мужчыны рэзалі сечку ў гумне, малацілі таксама з фанаром.
У нас вялікая калекцыя прасаў, якімі прасавалі адзенне. Сюды засыпалася распаленнае вуголле, якое награвала прас. Калі прас слаба прасаваў, гэтае вуголле раздзьмувалі, падсыпалі больш жару.
А ручнікі, посцілкі, ходнікі пасля мыцця качалі. Бралі качалку, намотвалі на яе ручнік і з дапамогай рубяля гэтую качалку качалі па стале. Ручнік станавіўся мяккім, прытульным, роўненькім, разгладжаным. (Давайце паспрабуем пакачаць)
------------------------
Кожная вясковая дзяўчына павінна была ўмець ткаць і прасці. Мы бачым у нашым кутку некаторыя прылады гэтай працы: мадэль ткацкага станка, прасніцу, калаўрот, вітушкі, мяльніцу, грэбень, матавіла. Вось вісяць перад намі саматканыя ручнікі, дываны, посцілкі, а гэта кусочкі палатна, шарачку, стол накрыты саматканым абрусам. Такія рэчы ткалі жанчыны доўгімі зімовымі вечарамі пасля таго, як уладкуюць гаспадарку.
Асноўнай сыравінай для вырабу тканіны ў беларусаў з'яўляліся валакністыя расліны і воўна. Яшчэ ў 2 стагоддзі да нашай эры на тэрыторыі Беларусі быў вядомы лён. Вырошчвалі лён у кожнай сялянскай гаспадарцы. У тых выпадках, калі ўмовы не дазвалялі сеяць лён на сваім участку, сяляне арандавалі зямлю за адпрацоўку.
Было многа прыкмет, звязанных з пасевамі ільну. Лічылі, што сеяць лён лепш у пятніцу ці сцботу. У панядзелак не сеялі - цяжкі дзень, аўторак - будзе благі ўсход, серада - злы день - валакно будзе жорсткім, чацвер - будуць нападаць чарвякі. Каб лён рос чыстым, на Вялікдзень не мялі падлогу. Траву, якую вырвалі ў час праполкі ільну, захоўвалі да Купалля, а потым палілі на Купальскім вогнішчы і прыгаворвалі: "Чарэўка ў мора, а мой лён угору".
Рвалі лён у другой палове жніўня. Убіралі яго ў момант, калі галоўкі станавіліся светла-карычневымі, а сцябло набывала зялёна-жоўты колер.
Вырваны лён звязвалі ў невялікіяснапы і ставілі ў кучкі, каб прасох. Далейшая апрацоўка ільну прадугледжвала працэс аддзялення галовак ад сцяблоў: абіванне ці абрыванне. Для гэтага выкарыстоўвалі пранік (пральнік, праднік, прач) - бярозавы прамавугольны ў сячэнні брусок даўжынёй 25-30 см, ці драчок - знешне нагадвае матыку з зубамі-лёзамі. Ільняныя галоўкі некаторы час даспявалі на сонцы, а затым іх "білі" пранікамі.
Наступны працэс апрацоўкі звязаны з атрыманнем валакна. Льняную саломку вымочвалі ў вадзе тры-шэсць тыдняў у залежнасці ад надвор'я. Калі драўніна адставала ад валакна, значыць, лён выляжаў і можна яго падбіраць. Падабраны лён ставілі ў вялікія кулі (пукі, вязанкі), потым высушвалі і пачыналі мяць (церці) пры дапамозе мялка (мяліца, церніца, тэрніца).
Валакно трапалі, гэта значыць ачышчалі ад кастрыцы, траплом (трапнушка, трапачка, трапынька). Гэта тонкая дошчачка прыкладна 40-45 см даўжынёй і 6-8 см шырынёй. У час трапання разам з кастрыцай аддзялалася і нізкаякаснае валакно - патронкі (пакулы, вал, атрэп'е).
Валакно часалі драўлянымі ці металічнымі грэбнямі. Атрыманы кужаль (лён, лян) скручвалі ў куклакі, круцелькі ці плялі ў косы і захоўвалі да прадзення.
Прадзенне - ператварэнне валакна ў нітку. Пралі ад лістапада да сакавіка. Дзяўчынак пачыналі знаёміць з гэтай справай з 7-8 гадоў. Для прадзення выкарыстоўвалі прасніцу, верацяно і самапрадку (калаўрот). Кудзеля замацоўвалася на прасніцы. Нітку скручвалі на верацяне. Значна аблягчаў працу жаночы калаўрот.
У час прадзення валакно змочвалі вадой для лепшага скручвання ніткі. Таму пражу трэба было прасушыць, і рабілі гэта на матавілах (моташках, вітушках) - драўляны стрыжань з перпендыкулярна замацаванымі брускамі на двух канцах.
Наступны працэс - фарбаванне. У якасці фарбаў для пражы выкарыстоўвалі расліны. Чорны колер атрымоўваўся пры дапамозе бабоўніка ці змешвалі сок буракоў з настоем з кары вольхі. Чырвоны рабілі з настою валошкі, адвару сырой мацярдушкі, адвару з сырой кары рабіны. Для зяленага колеру выкарыстоўвалі лісты бярозы, адвар з сырых лістоў каманішніка.
Пасля ўсіх працэсаў апрацоўкі валакна пачыналі з пражы ткаць палатно, дзе выкарыстоўваліся кросны і ткацкі станок. Ніткі, якія ўтвараюць аснову, спецыяльным прыстачаваннем (рамізнамі, нітамі) разбіраюцца на дзве часткі - верхнюю і ніжнюю, якія пры дапамозе падножак увесь час мяняюцца мястамі. Між імі прапускаецца папярочная нітка - уток і прыбіваецца прыладай у выглядзе густога грэбеня - бёрдам. Па чарзе прапускаючы уток управа-ўлева і перамяжаючы верхнюю і ніжнюю паловы асновы, майстрыха тчэ доўгі сувой палатна або нейкі дэкаратыўна-мастацкі выраб. Спосабаў ткацтва шмат: звычайнае палатнянае перапляценне, браная (пераборная) тэхніка, закладная, шматнітовая і інш.
То ўзорам чорным па ўтку зяленым,
То па белым - сінім, бы расой замглёным,
То ў вянкі, у алені нейк перабірана,
Быццам не рукамі, а машынай ткана.
То з адное воўны дываны на сані.
Ярыя, як вішні, кутасы звісаюць...
Ларыса Геніюш
-------------------------------
Давайце на адну хвілінку зазірнем у гаспадарчыя пабудовы нашых продкаў.
Спрадвеку займаліся беларусы земляробствам. Зямлю яны шанавалі, дзяцей з малых гадоў прывучалі памагаць дарослым у сялянскай працы.
Гэта цэп, з дапамогай якога малацілі збожжа. Развязвалі сноп, клалі яго на цверды ток у гумне і ўдарам цэпу выбівалі зерне. Малаціць было вельмі цяжка. Гаспадыня старалася пакарміць гаспадара перад малацьбой лепш.
А всь гэта веялкі, з дапамогай якіх ачышчалі зерне. У веялку набіралі зерне, ставалі ў накірунку ветру, павольна сыпалі зерне на зямлю, засланую посцілкамі, а лускавінкі, мякіну вецер здзьмуваў крыху далей.
У сявенцы сеялі, перасыпалі з дапамогай сявн=енкі збожжа з аднаго посуду ў другі.
А гэта страхоўка, якой раўнялі салому, калі крылі дах. У тыя далёкія часы наш продкі і хаты, і хлявы, і свірны, і пуні крылі саломай.
Нялегкім было жыццё беларускіх сялян, але калі самая цяжкая работа па гаспадарцы заканчвалася і наставалі доўгія восеньскія і зімовыя вечары, збіраліся дзяўчаты і маладыя кабеты ў адной хаце за вясковай працай на попрадкі-вячоркі. Пралі, спявалі песні і пра сваю долю-нядолю, і пра каханне. Прыходзілі на вячоркі і хлопцы. Пачыналіся жарты, гульні, любілі танцаваць "Лявоніху", "Польку". Давайце і мы з вамі пакажам, як гэта трэба рабіць! (танцуем польку)
-----------------------------
Родны край - частка Сусвету. Паглядзіце на глобус, мадэль нашай Зямлі. Такой маленькай і такой вялікай. Яна ў нас адна, мы павінны берагчыяе, берагчы адно аднаго, захоўваць сваю спадчыну, ведаць гісторыю.
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі
Як жніўё з павуціннем і доброе сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзеш,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.
Уладзімір Караткевіч